Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Поразаўская сярэдняя школа"

Беларуская літаратура ў 8 класе

                                     Беларуская літаратура ў 8 класе
Тэма: «НА ГЭТУ ВУДАЧКУ КАХАННЯ ПАПАЎ МАШЭКА...» СЮЖЭТ ПАЭМЫ ЯНКІ КУПАЛЫ «МАГІЛА ЛЬВА»
Утварыў з яе шчасце з-над шчасцяў сваё —
Чарадзейную княжну з аповесці дзіўнай,
I пад ногі ёй кінуў жыццё сваё ўсё...
………………………………………………               …………………..
А яна?.. А яна была толькі... дзяўчына!..»
Янка Купала
Мэта ўрока: пазнаёміць вучняў з паняццем «ліра-эпічныя жанры», ствараць уяўленне пра паэму Янкі Купалы «Магіла льва» як пра ліра-эпічны твор, выявіць непасрэдныя чытацкія ўражанні ад паэмы, параўнаць яе з народным паданнем пра Магілёў.
Апераджальнае заданне да ўрока на гэты раз было агульным: прачытаць (або перачытаць) паэму Янкі Купалы «Магіла льва».

Ход урока
1.     Арганізацыйна-матывацыйны момант.
2.     Стварэнне сітуацыі поспеху
3.     Паведамленне тэмы ўрока, фармулёўка мэтаў
                                                                                              Эпіграф:
                                                      Пачынаецца ўсё з любві                                                            Адчужэнне, і боль, і нянавісць.
                                                                            Яўгенія Янішчыц

Настаўнік.  У беларускай літаратуры  ёсць шмат твораў, у якіх паядналіся лірычны і эпічны спосабы адлюстравання жыцця. I найперш — гэта паэмы, якія, з аднаго боку, як усе эпічныя творы, маюць сюжэт, персанажаў, а з другога, як у лірыцы, у іх прысутнічае лірычны герой, эмацыянальнае выказванне пачуццяў. Праз іх выяўляецца ўнутраны свет персанажаў паэмы, а таксама аўтарскія адносіны як да гэтых персанажаў, так і да самога жыцця.
У адрозненне ад паэмы «Курган» (эпічнага твора) у паэме «Магіла льва» сустракаюцца нават даволі вялікія (на тры чатырохрадковыя страфы) аўтарскія разважанні, звязаныя з сюжэтам не прама і непасрэдна, а ўскосна, якія так і называюцца — лірычныя адступленні. Але яны вельмі важныя для разумення ідэйнага зместу твора.
Паэма «Магіла льва» ў параўнанні з лірычнымі жанрамі - вялікі твор. Ён складаецца з 20 раздзелаў, кожны з якіх мае па 6 чатырохрадковых строф (а значыць, па 24 вершаваныя радкі, усяго ў паэме іх 480). Кампазіцыя і сюжэт паэмы таксама адмыслова выбудаваны: першы раздзел можна назваць пралогам (увядзеннем), апошні – эпілогам (пасляслоўем), астатнія 18 размяркоўваюцца прыкладна так: экспазіцыя — раздзел II, завязка – раздзелы Ш, IV, развіццё дзеяння – раздзелы V—XIV, кульмінацыя – раздзелы XV—XVII, развязка –  раздзелы XVIII—XIX.
Пры першым чытанні паэма ўспрымаецца як аповед пра каханне Машэкі і Наталькі, пра нараджэнне іх пачуцця, пра развіццё яго і трагічны канец. Але аўтар так дбайна і дасканала ствараў вялікі твор не толькі для таго, каб распавесці пра каханне маладых. Сэнс паэмы значна глыбейшы. Спасцігаць яго мы будзем паступова. А першая наша задача — скласці для сябе цэласнае ўяўленне пра герояў і сюжэт паэмы ў звязку з лірычнымі адступленнямі аўтара.
Відаць, найбольш зручным і эканомным па часе прыёмам работы будзе перачытванне вучнямі (сам сабе) тэксту і няспешная гутарка па асэнсаванні зместу твора па раздзелах.
Можна, напрыклад, па ходзе работы складаць цытатны план з запісам у сшытках[1], тады агляд яго дасць цэласнае ўяўленне пра змест. А можна спалучыць перачытванне  тэксту з выказваннямі меркаванняў вучняў па пытаннях, якія будзе ставіць настаўнік. Прывядзём для прыкладу шэраг такіх пытанняў:
1.Якую думку можна палічыць галоўнай у раздзеле 1? Што мае на ўвазе Янка Купала, нагадваючы пра «някратаны паданні»?
2.У раздзеле II ідзе аповед пра час і месца маючых адбыцца падзей. Дзе і калі (у якім, прыкладна, стагоддзі) яны адбываюцца?
3.Чаго болей у раздзеле III, сцвярджэнняў ці пытанняў? Якія адносіны аўтара да героя і да чытача выяўляюцца ў пытаннях? Якім чынам зацікаўлівае чытача аўтар? (Спачатку гаворыць, што Машэка - «разбойнік страшны на ўвесь мір»; потым распавядае пра яго залатую натуру, а пасля ставіць пытанні са шматлікімі варыянтамі адказу, але ні адзін з іх не падыходзіць пад правільны.) Ці ад свайго імя дае нарэшце адказ аўтар?
4.Знайдзіце ў тэксце паэмы адказ на пытанне, чаму так падабалася хлопцу Наталька? (Раздзел V, апошняя страфа.)
5.Раздзел VI падзяляецца на дзве роўныя часткі. Перачытаўшы яго (сам сабе), знайдзіце лірычнае адступленне. Чым вабяць да сябе, на думку аўтара, беларускія дзяўчаты, за што іх шануюць людзі?
6.Удакладніце сваё разуменне характарыстыкі маладога баярына (раздзел IX, строфы 3—4). Патлумачце, што значыць «да сваявольства быў заўзяты», «усюды броіў самазбродам, / Тварыў закон свой і свой суд». Якога персанажа з паэмы «Курган» нагадвае баярын? Перачытайце заключную страфу раздзела IX, ці не выклікае яна адчуванне нейкай маючай адбыцца вялікай бяды?
7.     У раздзеле XI лірычнае адступленне таксама займае палову тэксту. Знайдзіце і выразна прачытайце (уголас) усе тры яго страфы. Як выйшла, што Наталька забыла «...ўсе Машэкі ласкі, Каханне шчырае яго...»? Што стала прычынай таго, што дзяўчына «зраклася мілага свайго»?
8.     Як мяняўся Машэка, якое пачуццё паступова расло ў ім, і як аўтар ставіцца да такога пачуцця (гл. заключную страфу ў раздзеле XII і дзве першыя ў раздзеле XIII)? Чаму так шмат ахвяр змог пагубіць Машэка-разбойнік, што бараніла яго?
Тэкст паэмы ад раздзела XVI і да канца варта выразна прачытаць уголас для таго, каб менавіта выразным чытаннем паўздзейнічаць як на эмацыянальную сферу свядомасці вучняў, так і на іх вобразнае ды лагічнае мысленне. Як паказвае практыка школьнага навучання, найболын складана падлеткам зразумець, як магла Наталька забіць свайго каханага, хай сабе і былога, як людзі не асудзілі яе за гэта, як паставіўся аўтар да сваёй гераіні. Падрабязней усе гэтыя пытанні будуць асвятляцца пазней, а пакуль што сваім выразным чытаннем настаўнік пастараецца перадаць і любасць да Наталькі асілка Машэкі, і сутыкненне процілеглых пачаткаў у душы дзяўчыны, якая спазнала ўжо і панскія раскошы, і непаразуменне з боку аднавяскоўцаў («Аж пачала ўся вёска тыкаць / На дзеўку пальцамі штодзень».) Іменна чытаннем варта падкрэсліць, з якім нямым страхам ляцела Наталька да людзей у родную вёску і як яны даравалі ёй.
Рэфлексія, вывады
Дамашняе  заданне: дачытаць тэкст паэмы да канца і скласці план (або цытатны плана па ўсім тэксце, калі такая работа пачыналася на ўроку, або плана характарыстыкі аднаго з галоўных герояў паэмы). Узор планаў даецца ніжэй.

Дадатак да плана
Інфармацыя для настаўніка. Цытатны план паэмы Янкі Купалы «Магіла льва»:
1.      «Нам продкаў кемнасць захавала
  Шмат весцяў дзіўных...»
2.      «Асілкам гэтакім ад роду
Машэка быў...»
3.      «На воку дзеўку меў, Натальку...»
4.      «I наш Машэка, у жальбе
Па ненаглядненькай дзяўчыне,
Паплыў з плытамі ў край чужы...»
5.      «Баярын тамка жыў багаты,
Яшчэ лятамі малады...»
6.      «Сама к бядзе пайшла сваёй...»
7.      «Засела так яна [помста] ў Машэкі...».
8.      «Крывавы суд тварыў, караў...»
9.      «Чуць толькі ўгледзеў у калясцы
      Машэка любую сваю,—
      У яе ўтануў даўнейшай ласцы...»
10.  «У думках думала няўпынна,
        Як ёй разбойніка згубіць...»
11.  «Так страшны той разбойнік згінуў...»
12.  «Яго высокую магілу... «Магілай Льва» народ назваў».
13.  «I горад вырас, як з зямлі,
         Яго Магілевам назвалі...»

План характарыстыкі Машэкі.
1.     Юнацтва Машэкі, яго сіла і адносіны да лю-дзей.
2.     Каханне да Наталькі.
3.     Адказ на здраду каханай.
4.     Крывавы разбойнік Машэка і яго гібель.
5.     «Магіла льва».

План характарыстыкі Наталькі.
1.    Юнацтва Наталькі.
2.    Хараство беларускай дзяўчыны.
3.    Адносіны да Машэкі.
4.    Ганебная сувязь з панам.
5.    Адплата Машэку за пралітую ім кроў».[2]

Паэма
   Паэма (гр. poiema, ад poien - тварыць) — адзін з відаў ліра-эпічнай паэзіі; вялікі па свайму памеру вершаваны твор, у якім важныя праблемы рэчаіснасці раскрываюцца адначасова эпічнымі (наяўнасць у творы сюжэта, персанажаў) і лірычнымі (вобраз лірычнага героя, шматлікія лірычныя адступленні) сродкамі. 
Леге́нда (ад сяр.-лац.: legenda «чытанне», «чытанае», «збор літургічных урыўкаў для штодзённай службы») — адна з разнавіднасцяў неказачнага празаічнага фальклора. Пісьмовае паданне пра якія-небудзь гістарычныя падзеі або асоб у т.л. апавяданні са святога Пісання, дзеянні святых апосталаў, жыцці святых.
 Паданне, -я, ніякі род
  Вуснае апавяданне, якое жыве ў народзе, у данай мясцовасці і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Паданне пра Машэку нясе ў сабе і адну з народных версій пра заснаванне і назву горада 

НЕ забыць пра фізкультхвілінку!
Дыферэнцыяцыя заданняў.
Крысціна
Яна




Комментариев нет:

Отправить комментарий