Дзяржаўная ўстанова адукацыі "Поразаўская сярэдняя школа"

Беларуская літаратурa


Тэма: Апавяданне Г.Далідовіча “Губаты”
Мэта: стварыць умовы для асэнсавання вучнямі на прыкладзе апавядання “Губаты” праблемы ўзаемаадносін чалавека і прыроды; стварыць ўмовы для развіцця ў вучняў уменняў супастаўляць творы адной тэматыкі, характарызаваць і ацэньваць літаратурнага героя па яго паводзінах і ўчынках, выказаць і абгрунтоўваць сваё меркаванне; садзейнічаць фарміраванню ў вучняў гуманных адносін да ўсяго жывога, адказнасці і абдуманасці ў дзеяннях і ўчынках.
Від урока:урок-запаведзь.
Абсталяванне: фотаздымкі, малюнкі на прыродныя сюжэты, плакаты са словамі Я.Коласа і П.Панчанкі, выява разгорнутай кнігі з чыстымі старонкамі, дзве вазы і набор белых і чорных фішак.

Эпіграф:   Прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачыма кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы – хіба гэта не ёсць шчасце?                                                                                                           (Якуб Колас)

Ход урока

1.                Уступнае слова настаўніка.
Сёння на ўроку літаратуры мы звамі, як заўсёды, будзем сустракацца з кнігай, але кнігай незвычайнай, кнігай пад назваю прырода. Як адзначаў Я. Колас, “прырода – найцікавейшя кніга, якая разгорнута перад вачыма кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце?”. Звярніце ўвагу: старонкі нашай кнігі чыстыя. І мы з вамі, адгадваючы таямніцы прыроды і чалавека, паспрабуем запоўніць кнігу шчырымі словамі і добрымі справамі.

2.                Эўрыстычная гутарка.
1.     Гаворачы пра прыроду – наш агульны дом – і гуманныя адносіны да яе, хочацца прыгадаць словы знакамітага французскага пісьменніка Антуана дэ Сент- Экзюперы: “ Мы ў адказе за тых, каго прыручылі”. У многіх з вас, я ведаю, ёсць свае гадаванцы, істоты, якіх вы прыручылі і за якіх вы несяце адказнасць. Прыгадайце, калі ласка, выпадкі з вашага ўласнага вопыту, якія б пацвярджалі выказванне Сент-Экзюперы.
2.     Пытанне адказнасці чалавека перад светам прыроды стаіць і ў цэнтры апавядання Генрыха Далідовіча “Губаты”. Прыгадайце, хто з’яўляецца галоўным героем твора?
3.     Та, сапраўды, ласяня. Паслухайце, калі ласка, два вершы, героямі якіх з’яўляюцца ласі. Параўнайце гэтыя творы і паспрабуйце выказаць, у яім абліччы паўстае чалавек у  адносінах да жывой прыроды.
Вучні чытаюць вершы С. Грахоўскага “Ласіны след” і К. Кірэенкі “Лось”.
Упрацэсе гутаркі робіцца зпіс на дошцы:
Чалавек у адносінах да прыроды
 



абронца                                        спажывец
4.     У апавяданні “Губаты” мы таксама бачым гэтыя два тыпы адносін чалавека да жывёльнага свету. Прыгадайце эпізоды з твора, у якіх людзі праяўляюць сябе я абаронцы, памочнікі прыроды, і як спажыўцы.
5.     Ласяня, гарэзлівае, вясёлае, чулае да ласкі і дабрыні, нягледзячы на ўсе намаганні лесніка, загінула. Як вы думаеце, ахвярай чаго стаў Губаты?
Пасля адказу вучняў робіцца запіс на дошцы:

Губаты – ахвяра
 



чалавечай ласкі і дабрыні                                                чалавечай жорсткасці і спажывы
Сваё меркаванне вучні выяўляюць такім чынам: калі яны згодны з першай думкай, апускаюць белую фішку ў адну вазу, калі з другой думкай, то чорную фішку кладуць у другую вазу.

6.     Мы ўжо неаднойчы на прыладах літаратурных твораў пераконваліся, як цяжка
зрабіць правільны выбар, разабрацца ў тым, што ёсць дабро, а што зло. Чалавечая натура далёка не бязгрэшная, ды й жыццё часам прымушае дзейнічаць насуперак закону дабрыні. Аднак увесь час, што існуе чалавецтва, яно імкнецца да міласэрнасці, чалавечнасці, ласкі і дабра. І,мабыць, таму мы і жывём на свеце, што ёсць свяшчэнныя, бясспрэчныя і непахісныя правілы паводзін для ўсіх людзей. Іх прынята называць запаведзямі.Дзе вы сустракаліся з гэтым паняццем – запаведзь?
7.     Прыгадайце біблейскія запаведзі.

3.                Стварэнне праблемнай сітуацыі
Так, сапраўды, гэтыя неаспрэчныя законы паводзін сфармуляваны і ў Бібліі, і ў многіх літаратурных творах. Яны, як Віфлеемская зорка, не дазваляюць нам, людзям, збіцца са шляху чалавечнасці. Аднак у паўсядзённых турботах чалавек можа і не заўважыць гэтй зоркі. Падумаеш, кінуў нядобрае слова суседу, прысвоіў працу іншага і атрымаў “выдатна, незнарок зламаў дрэўца, жартам адабраў жыццё ў матылька. Дробязь... Ведаеце, у Рэя Брэдберы, вядомага фантаста, ёсць апавяданне “І грымнуў гром”( настаўнік ці падрыхтаваны вучань пераказвае змест твора ).

4.                Работа ў групах.(творчае заданне)
Прырода – агульны дом і для людзей, і для жывёл, раслін, і для ўсяго-ўсяго жывога. Таму “калі мы хоць ў дробязі нявечым адзіную, раз дадзеную нам назаўсёды біясферу – мы нявечым саміх сябе”( У.Караткевіч “Адуванчык на кромцы вады”). Па-гэтаму нам проста неабходна ўсвядоміць запаведзі адносін чалавека да прыроды. Сфармулюйце некалькі запаведзяў адносін чалавека да прыроды.

5.                Сацыялізацыя.
Кожная група прадстаўляе свае варыянты запаведзяў. Настаўні заносіць гэтыя правілы на старонку разгорнутай кнігі .

6.                Рэфлексія.
1.                Якія якасці душы бдуць уласцівы чалавеку, калі ў сваіх адносінах да прыроды ён будзе кіравацца гэтымі запаведзямі? (дабрыня, адказнасць, ласка, абдуманасць). Ці ёсць тут месца для жорсткасці і спажывы?
2.                А зараз давайце вернемся да апавядання “Губаты”. Дык што ж стала прычынай гібелі ласяняці – чалавечая ласка і дабрыня ці жорсткасць і спажыва? Ці змянілася ваша мераванне на гэты конт?  Вучні, якія змянілі думку, мяняюць фішкі на фішкі іншага колеру.
3.                Мне здаецца, самая галоўная запаведзь адносін чалавека да прыроды вельмі добра адлюстравана ў апавданні Вікенція Верасаева “Легенда”. Паслухайце ўрывак з гэтага твора.............................................................................................
4.                Як вы думаеце, чаму маракі перасталі ўсміхацца?
5.                Якая асноўная запаведзь адносін чалавека да прыроды? (НЕ НАШКОДЗЬ!)

7.                Дамашняе заданне.

Напісаць сачыненне- мініяцюру “ Маё разуменне слоў П.Панчанкі:

Акіян і космас вывучайце
З добрым сэрцам,
А яшчэ прашу:
Пакідайце і буслу, і чайцы
Больш вады і

Неба і душу”
--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Анатоль Вярцінскі. «Рэквіем па кожным чацвёртым»
Мэта ўрока: дапамагчы вучням асэнсаваць драматычны змест твора, адметнасць яго будовы, данесці да іх трагічны пафас верша.
Абсталяванне: рэпрадукцыі карцін беларускіх мастакоў, прысвечаныя тэме вайны (М. Р. Залознага «9 мая. Удовы.», У.Міхайлоўскага «Хатынскі набат» і інш.), альбом М. Савіцкага «Лічбы на сэрцы».
Эпіграфам да ўрока можна ўзяць радкі з верша Д. Бічэль-Загнетавай «Людзі без смерці»:

Гаварыць,
Лішніх слёз не ліць,
Памяць не любіць слёз.
Заклінаць,
Каб нашчадкаў зямлі
абмінуў непапраўны лёс.

Ход і змест урока:
Пачынаецца ўрокі ўступным словам настаўніка. Вялікая Айчынная вайна - адна з трагічных старонак у гісторыі нашай краіны. У час вайны загінула вельмі многа людзей, былі знішчаны цэлыя вёскі. Дваццаць мільёнаў жыццяў людзей былі аддадзены за вызваленне ад фашысцкай навалы.
Вайну Анатоль Вярцінскі сустрэў дзесяцігадовым хлапчуком. Дзіцячая памяць захавала яе трагічныя малюнкі ўсе да самых драбніц. Яны засталіся ў сэрцы паэта на ўсё жыццё. Вось што напісаў у адказе на пытанні анкеты часопіса «Маладосць» сам паэт: «...Мы, жывыя сведкі вайны, не маем маральнага права маўчаць. I тут нашы вершы і паэмы трэба яшчэ разглядаць як і сведчанне».[1] Дарагой цаной - мільёнамі жыццяў заплацілі мы за сённяшняе мірнае неба. Таму творы, прысвечаныя трагічным старонкам Вялікай Айчыннай вайны, - перасцярога і напамін сучаснікам, «каб нашчадкаў зямлі абмінуў непапраўны лёс».
Падрыхтаваць да ўспрымання твора А. Вярцінскага «Рэквіем па кожным чацвёртым» дапамогуць музычныя творы «Рэквіем» Дзмітрыя Кабалеўскага або ўрыўкі з вакальна-сімфанічнай паэмы Генрыха Вагнера «Вечна жывыя».(магчыма выкарыстаць біяграфічную даведку з падручніка с.299)
Вучні адзначаць трагічнасць гучання гэтых твораў, жалобны настрой. Настаўнік прапануе вучням адкрыць старонку 297 падручніка і прачытаць азначэнне слова рэквіем.
Спачатку твор чытае настаўнік, вучні ўважліва сочаць. Пасля самастойнага прачытання разглядаюцца пытанні:
     Чым уразіў твор А. Вярцінскага «Рэквіем па кожным чацвёртым»?
     Якія пачуцці ўзніклі пры чытанні твора?
     Якую ролю адыгрывае эпіграф у творы?
Твор А. Вярцінскага – даніна памяці загінуўшым беларусам. Радкі верша самотна-задумлівыя і ў той жа час абвострана-драматычныя. Эмацыянальнае напружанне надаюць твору радкі эпіграфа. У сухой статыстыцы эпіграфа хаваецца жахлівая праўда - кожны чацвёрты мёртвы. Уступная частка ўзмацняе трагічнае ўражанне. Пісьменнік прапануе нам уявіць лес з прагалам скразным. Тое ж адбылося з нашай краінай, па якой прайшлася «сякера ваеннай навалы».
Настаўнік прапануе вучням яшчэ раз прачытаць твор і прыдумаць назвы кожнай частцы.
План:
Уступ. Сляды ваеннай навалы.
Частка першая. Нам вас не стае.
Частка другая. Раны на целе Беларусі.
Частка трэцяя. Прыблізны рахунак.
Эпілог. Памяць сэрца.
3 якой інтанацыяй трэба чытаць кожную з частак?
Наступны этап работы з творам па пытаннях 2-6 падручніка (с. 71).

Дамашняе заданне. Падрыхтаваць выразнае чытанне адной з частак, пытанні падручніка с. 71 – 72.  

Трагічнае ў літаратурных творах: Анатоль Вярцінскі. «Рэквіем па кожным чацвёртым», Сяргей Законнікаў. “Хатынь”, Генадзь Бураўкін. “Чарнобыль”

Мэта ўрока: звярнуць увагу вучвяў на арыгіяальныя мастацкія прыёмы ў вершах, яхія дапамаглі атарам перадаць трагічны настрой, паказаць падзеі вайны; развіваць уменне выразна чытаць паэтычныя тэксты і ствараць вусныя выказванні на тэмы: “Подзвіг народа”, “Вайна ў творчасці пісьменнікаў”, “Трагічныя падзеі для Беларусі ў творах літаратуры” і інш.
Эпіграфам да ўрока можна ўзяць сдовы з верша С. Законнікава:
Гэта памяць народная,
праведны гнеў і любоў!
Там бяда выпаўзае,
дзе шашаль заводзіцца ў памаці,
Там, дзе свеціцца ў ёй:
То прагал,
То правал,
То пралёт.
Покуль кружыць Зямля
і пад сонцам,
і ў зоркавай замеці.
Помні ўсё,
не маўчы,
не маўчы,
Чалавечы мой род!

Пасля праверкі дамашняга задання працягваецца размова пра  творы, прысвечаныя вайне. У творы Ана­толя Вярцінскага кожная частка мае свой вядучы матыў, які ўзмацняе балючымі і хвалюючымі звесткамі. Для гэтага пісьменнік выкарыстоўвае розныя сродкі мастацкай выразнасці. Своеасаблівасць паэтыкі А. Вярцінскага дапаможа раскрыць работа са словам. Строгасць формы, адкрытасць думкі, адметнасць прамога «бязвобразнага» слова дапамагае паэту паказаць драматызм быцця чалавека, жорсткасць вайны. Сродкі мастацкай выразнасці паўторы, анафары, эпіфары, цыклічнасць строфікі ствараюць своеасаблівы малюнак верша.
♦ Знайдзіце паўторы ў вершы. Якую ролю яны адыгрываюць?
Ва ўступнай частцы паўтараюцца выраз Вы бачылі лес, дзе прагал скразны?, слова прагалы.
Паўтарэнне аднолькавых слоў ці словазлучэнняў у пачатку вершаваных радкоў або строф называецца анафарай. Гэты мастацкі троп павышае эмацыянальнасць паэтычнага выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе. Пытанне, звернутае да чытачоў: «Вы бачылі лес...?» - загадзя рыхтуе да раскрыцця трагічных падзей, узмацняе ўражанне. Гэты прыём вельмі распаўсюджаны ў фальклорных творах.
У першай частцы паўтараецца словазлучэнне кожны чацвёрты. Гэта - эпіфара, паўтарэнне аднолькавых гукаў, слоў ці выразаў у канцы вершаваных радкоў або строфаў. Гэты мастацкі прыём таксама вельмі часта сустракаецца ў народных творах.
♦ Знайдзіце ў трэцяй частцы словы, якія аднолькава гучаць, але маюць розныя лексічныя значэнні.
Яшчэ мы не ўлічылі
тых, што лячылі раны,
раны не залячылі,
рана паміралі.

Амонімы пісьменнік ужывае дзеля таго, каб узмацніць значэнне слова раны (гл. раней «раны на душы», «раны на целе Беларусі”).
♦ Як вы думаеце, для чаго трэба помніць пра падзеі вайны?
Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на словы эпіграфа да ўрока: «Там бяда выпаўзае, дзе шашаль заводзіцца ў памяці...» Пасля таго як вучні выкажуць свае меркаванні, настаўнік прапануе іх увазе песню “Хатынь” (верш Г. Пятрэнкі, муз. I. Лучанка).
     Якім падзеям прысвечана гэтая песня?
     Якія ўражанні яна выклікае?
Фашысты руйнавалі гарады, палілі вёскі. Такі лёс напаткаў і вёску Хатынь. Але памяць народа будзе жыць вечна. Гул званоў спаленай разам з людзьмі Хатыні ажывае ў помніках мастацтва: музыцы, жывапісе, літаратурных творах. Жудасцю, трагізмам, праклёнам фашысцкаму дзікунству і сёння адклікаюцца ў нашай душы галасы загінуўшых.
Настаўнік чытае верш Сяргея Законніква «Хатынь». Потым вучні перачытваюць верш самастойна. Пасля паўторнага прачытання разглядаюцца пытанні падручніка 1-6 на с. 94.
Падагульненнем вывучанага на двух апошніх уроках могуць быць словы з паэмы Ніла Гілевіча “А раніцы ўжо не было»:
Столькі зведаўшы гора, нягод,
Столькі слёз, і крыві, і агню –
Ты, Радзіма, на тысячы год
Заслужыла сабе ціцыню.
Гэтыя словы перадаюць думкі многіх паэтаў, якія перажылі вайну і ў сваіх лірычных перажываннях-вершах адлюстроўваюць не толькі эпізоды вайны, але і лёс цэлага пакалення. Тое, што перажывала і перажывае краіна, павінна кранаць душу кожнага яе грамадзяніна.

Дамашняе заданне. Падрыхтаваць вуснае сачыненне на тэму “Трагічныя для Беларусі падзеі ў літаратуры” (на прыкладзе вершаў С. Законнікава “Хатынь”, Г. Бураўкіна “Чарнобыль”). Эпіграфам да яго могуць быць узяты словы Н. Гілевіча “Тых горкіх дзён да скону не забуду…”
--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Тэма ўрока:  Аляксей  Дудараў  «Вечар». “Звычайныя гісторыі” або жыццёвыя драмы старых?
Мэта ўрока: развіваць уменне выяўляць аўтарскую пазіцыю шляхам супастаўлення характараў галоўных персанажаў, і дзеянняў; падвесці вуч­няў да асэнсавання сувязі назвы п'есы з яе ідэяй, далучыць да асэнсавання мастацкай адметнасці твора.
Абсталяванне: партрэт пісьменніка, выстава афіш (яна папаўняецца новымі работамі).

Ход урока

I. Праверка дамашняга задання.
1. Працяг абароны намаляваных афіш (работа ў групах).
2. Выступленні вучняў (3—4) па пытаннях № 4, 5 з падручніка.

II. Слова настаўніка:
— Прачытаўшы п'есу, пазнаёміўшыся з героямі, мы, сапраўды, як бы чытаем «біяграфіі» герояў твора. Абапіраючыся на асабістыя ўражанні ад жыцця сённяшняй вёскі, на жыццё вясковых людзей, мы заўважаем, што твор А. Дударава «Вечар» вельмі жыццепадобны, рэалістычны, а яго героі становяцца нам блізкімі, мы перажываем за іх, хвалюемся, спачуваем. Папярэдні ўрок паказаў, што ў кожнага з герояў свая жыццёвая лінія, свая філасофія. А ў чым вытокі гэтай жыццёвай філасофіі? Чаму Мульцік добразычлівы да людзей, Ганна — адкрытая душа, сумленная, а Гастрыт нікчэмны, злосны чалавек? Відаць, прычына хаваецца ў тым, які ў кожнага з іх характар, якім было іх мінулае жыццё. Пастараемся супаставіць вобразы галоўных персанажаў і праз гэта супастаўленне зможам убачыць і зразумець, як жа сам аўтар ставіцца да сваіх герояў.

ІІІ. Складанне табліцы.
Работа вядзецца па групах (у кожнай групе разглядаецца адзін вобраз) па пытаннях: мянушка, яе сэнс; жыццёвая драма; характар; жыццёвы прынцып. Сабраны матэрыял змяшчаецца ў табліцы.
Мэта такой самастойнай працы з тэкстам твора: развіваць уменне арыентавацца ў яго змесце, адбіраць матэрыял для характарыстыкі вобраза; заахвочваць вучняў рабіць першыя спробы самастойна характарызаваць герояў.

Вызначальныя крытэрыі
Мульцік
Ганна
Гастрыт
Мянушкі, іх сэнс
жартаўлівасць, весялосць (як у тым мультфільме для дзяцей,— чаканне добрага, цікавага), дзівацтва
звычайнае імя, мянушкі няма
пасля зносін з ім у людзей як быццам жывот   баліць, душа ные
Характар
добразычлівы, вясёлы, з чыстым сумленнем
чулая, праніклівая, мудрая
злы, няшчыры, недаверлівы, «няма цяпла ў душы»
Жыццёвая драма
дваіх дзетак пахаваў на вайне; перажыў пасляваенвую беднасць; смерць жонкі; апошні сын гадоў пяць нават не піша пісем
трое дзетак у партызанах з голаду памерлі; старэйшы сын прапаў без вестак; муж з вайны вярнуўся паранены, праз два месяцы памёр; застаўся адзін сыян Віцька, у якога жыццё не склалася, забыўся на маці. Адна ўсё жыццё. Гаротніца.
жыў паводле фальшыва-казённых прынцыпаў, ідэй; праводзіў ліыію партыі, рабіў тое, што загадае ўлада; пісаў даносы, ананімкі на сваіх аднавяскоўцаў — па жыцці быў «ідэйным прыдуркам».
Дзеці толькі грошы прысылаюць, “ адкупліваюцца”.
Жыццёвы прынцып
праца — аснова жыцця, а «святое ў жыцці толькі святло, цяпло, любоў і зямля»; «шчасце самому сабе рабіць трэба”
«добра чалавеку, калі ў яго куточак ёсць родны на зямлі, дэе цябе чакаюць і помняць»
«Я чэсны. Я справядлівы. А я не дазволю! Не дазволю ўсяму народу, гасударству галаву дурыць...»
«Пуста ў хляве —пуста і ў душы» (па жыцці  прымушае пакутаваць іншых; нічога не рабіць і яе мець лішніх клопатаў, а жыць лешп за іншых).

IV. Слова настаўніка:
— Сапраўды, выпрабаванне на чалавечнасць праходзяць не ўсе (як здарылася з героямі п'есы “Вечар”), але будзем спадзявацца, што такія праявы пачуццяў, як дабрыня, чуласць, спагада, будуць па жыцці вызначальнымі, як вераць героі п'есы Мульцік, Ганна. Яны не крыўдуюць на сваіх дзяцей, стараюцца іх паводзінам знайсці апраўданне, жывуць адным: аднойчы дачакацца той жаданай весткі ад роднага дзіцяці.
Узняўшы ў п'есе праблему адчужэння дзяцей ад бацькоўскага дому, аўтар напамінае кожнаму з вас пра святы абавязак: любіць і берагчы бацьку, маці, родны дом, Радзіму. Але як быць у вызначэнні аўтарскай пазіцыі ў дачыненні да герояў п'есы? Годас аўтара не гучыць, у гэтым адна з асаблівасцей п'есы. Падумайце над пытаннем: «Як аўтар адносіцца да герояў, які яго погляд на вырашэнне праблемы, пастаўленай у творы?»
(Папярэдняе заданне складанне табліцы — дасць аснову для адказу, дапаможа вызначыць майстэрства А. Дударава-драматурга. Вучні, адказваючы на гэта пытанне, прывядуць прыклады асаблівасцей сюжэтнай, кампазіцыйнай пабудовы п'есы, дасціпнасці і выразнасці мовы герояў, раскрыюць прыхаваны сэнс некаторых учынкаў, вылучаць мастацкія асаблівасці (сімволіка, аўтарскія рэмаркі, сцэнка фантазія, іранічнасць, добразычлівы жарт, фразеалагічныя адзінкі мовы і г. д.)

V. Падагульненне. Асновай можа стаць адказ на пытанне: “У чым сутнасць назвы п'есы "Вечар"?» На завяршэнне гаворкі настаўнік прывядзе выказванне Аляксея Дударава: «Жыццё — выпрабаванне чалавека на чалавечнасць. I ўвечары павінна свяціць сонца”.
Дамашяяе заданяе:
1. Прадумаць адказы на пытанні, змешчаныя на старонках падручніка.
2. Падрыхтаваць невялікае пісьмовае выказванне або апавяданне пра аднаго з герояў п'есы «Вечар», пры гэтым абавязкова ўлічыць адносіны аўтара да яго.

--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------

Вывучэнне балады Аркадзя Куляшова “Маці”
Мэты: зцікавіць вучняў асобай А.Куляшова-паэта, паглыбіць паняцце пра баладу, спрыяць свядомаму засваенню зместу твора, паказаць яго антываенную накіраванасць; развіваць уменне суадносіць літаратурны твор з іншымі творамі мастацтва і фальклорам, ацэньваць учынкі піерсанажаў, удасканальваць навыкі аналізу паэтычнага твора, выразнага чытання, вуснага маналагічнага маўлення; выхоўваць пачуццё любові і павагі да самага роднага чалавека – маці, негатыўныя адосіны да вайны як сацыяльнай з’явы.
Адукацыйныя задачы: уменне бачыць за словамі мастацкі вобраз і сімволіку, разумець думку-настрой, думку-перажыванне; засваенне маральных паняццяў “самаахвярнасць”, “духоўная моц”; узбагачэнне ўяўленняў пра кампазіцыйную будову твора, падпарадкаванне кампазіцыі, вобразаў і выяўленчых сродкаў аўтарскай задуме.
Метады засваення матэрыялу: праблемны, творча-пошукавы.
Формы работы: індывідуальная і групавая.
Міжпрадметныя сувязі: айчынная і сусветная мастацкая культура (музыка, жывапіс).
Абсталяванне: партрэт А.Куляшова; выстава кніг паэта; анкета “5 з 25”; табліца “Аналіз мастацкага твора”; рэпрадукцыі карцін (І.Давідовіч “Маці”, М.Савіцкі “Мадонна”, “Партызаны”, Г.Коржаў “Маці”, Г.Вашчанка “Непакорныя”, А.Марачкін “Маці”, фотаздымак манумента маці-патрыётцы А.Ф.Купрыянавай у г. Жодзіна); стылізаваныя малюнкі, фанаграма песні “Балада пра маці” (муз. І.Лучанка, сл. А.Куляшова) у выкананні ансамбля “Песняры”, для рэфлексіі: плакат з малюнкамі груды камянёў, грошай, храма; фішкі.
Эпіграф:
Перад сэрцам матулі, перад марай матулі
Спарахнелі варожыя бомбы і кулі,
Нібы ветрам, развеяла лютую зграю,
Тую сілу варожую, што гразілася краю.
Кастусь Кірэенка

Ход урока
                           I.            Уступнае слова настаўніка
Настаўнік. Сёння ў нас незвычайны ўрок: па-першае, прысутнічае шмат гасцей, а, па-другое, вельмі своеасаблівая тэма. Я хачу, каб вы глыбока пранікліся ёю, бо ў нас не толькі ўрок літаратуры, але і ўрок жыцця.
Сёлета мы ўжо знаёміліся з часткай творчасці А.Куляшова, калі аналізавалі верш “Бывай” з інтымнай лірыкі. Сёння мы зноў дакранёмся да яго паэзіі. На гэты раз пазнаёмімся з баладай “Маці”, напісанай у 1943 годзе. Менавіта ў гады вайны А.Куляшоў выявіў сябе як выдатны майстар балады. Вось толькі невялікія ўрыўкі. (Настаўнік на памяць чытае ўрыўкі з балад “Ліст з палону”, “Балада аб чатырох заложніках”, “Над брацкай магілай”.) А лейтматывам усёй ваеннай творчасці паэта гучаць радкі, з якімі ёнр вяртаецца да вас, маладых, да нас, да тых, не бачыў вайны (чытае ўрывак з верша “Размова з патомкам”):
Песня мая
не красуняю-кветкай з паляны,
Песня мая пехацінцам
увойдзе ў твой дом,
Ты ёй даруй
і глыбокія шрамы і раны,
Знай, што і ім ты
сваім абавязан жыццём.
На ўроку мы прааналізуем баладу “Маці”, параўнаем яе з іншымі творамі мастацтва. Спадзяюся, што ў вас з’явіцца жаданне пазнаёміцца з яго паэзіяй больш падрабязна.
(Клас загадзя падзелены на групы па 4-5 чалавек. У сшыткі вучні запісваюць дату і тэму ўрока.)
Настаўнік. А цяпер уважліва паслухаем твор (чытае баладу на памяць).
                         II.            Работа над тэкстам. Балада як жанр. Цэнтральны вобраз твора.
·         Ці спадабалася вам балада? Якія думкі і пачуцці ўзбудзіла? Над чым прымусіла задумацца? Выкажыце свае ўражанні. (Кожная група атрымлівае табліцу “Аналіз мастацкага твора” і запісвае ў ёй свае ўражанні.)
Аналіз мастацкага твора
___________________________________________________
Аўтар, назва твора

Элементы аналізу
Змест
Радкі твора (па магчымасці)
Пачуцці (уражанні)


Тэма


Ідэя


Вобразныя (мастацкія) сродкі


Паралелі (прыклады твораў на падобную тэматыку)


·         Што характэрна для балады як жанру літаратуры? (Наяўнасць сюжэта, драматызм і напружанасць дзеяння, трагічная развязка, паэтызацыя гераічнай асобы, наяўнасць мастацкіх сродкаў.)
·         Які фальклорны жанр нагадвае балада “Маці”? падмацуйце свае меркаванні ўрыўкамі з тэксту. (Легенду або казку: размаўляе дарога, камень становіцца зямлёй, а маці каменем, трайны праклён, фальклорны вобраз вярбы; своеасаблівая варажба на зярнятах.)
·         Аснову балады складае размова маці з дарогай і каменем. Давайце зачытаем гэтыя радкі.
·         Што можна сказаць пра цэнтральны вобраз балады – маці? Якой яна паўстае ў гэтых дыялогах? Якімі эпітэтамі надзяляе яе аўтар? (Маці любіць свайго сына, хоча, каб ён вярнуйся дадому; працаўніца, суровая, стрыманая, цярплівая, самаахвярная, духоўная моц.)
                       III.            Творчая работа. Складанне верша-сінквейна.
·         Як вы лічыце, на каго або на што паэт ускладвае адказнасць за пакуты маці? (На чужынцаў, на вайну ўвогуле.)
Паспрабуем наша ўспрыманне вайны, адносіны да яе абагуліць у вельмі кароткім, лаканічным запісе. Мы напішам верш-сінквейн на тэму “Вайна”. (Вучні складаюць сінквейны, зачытваюць свае запісы.)
                       IV.            Работа над тэкстам. Тэма, ідэя, сімволіка балады.
·         Паспрабуем вызначыць тэму і ідэю балады. Зрабіце кароткі запіс у табліцу. (Тэма – пакутлівае чаканне сына з вайны; ідэя – непераможнасць мацярынскага сэрца, душы, яе самаахвярнасць.)
·         Звярніце ўвагу на эпіграф да нашага ўрока. (Настаўнік або вучань зачытвае эпіграф.) Як вы разумеееце гэтыя словы? (Вучні даюць тлумачэнні.)
·         Балада А.Куляшова – твор антываенны. Але аўтар ні разу не ўжывае слова “вайна”. Якімі словамі аўтар замяніў яго і чаму? (Бітва крывавая, паход. Балада “Маці” блізкая да фальклорных твораў, а слова “вайна” не характэрна народнай творчасці; словы-замены больш эмацыянальна выразныя.)
·         А што зрабіла маці, каб сын хутчэй вярнуўся дадому? (Пасеяла зярняты.)
·         Сімвалам чаго ў вершы з’яўляюцца зярняты? (Жыцця.)
·         Камень – таксама сімвал. Што ён сімвалізуе? (Пакуты маці, гора, бяду; вайну, варожую сілу.)
·         Што або хто ў вершы супрацьпастаўлены каменю? (Матчына любоў, яе сэрца, самаахвярнасць.)
Настаўнік. Нездарма ў народзе гавораць: “Што наймягчэйшае ў свеце?” – “Сэрца маці”. – “Што можа быць цвярдзейшае за камень?” – “Сэрца маці”. Менавіта мацярынская любоў давала сілы юнакам выстаяць у неймаверна жудасных умовах вайны.
                         V.            Групавая работа над кампазіцыйнай будовай твора
Настаўнік. Мы гаварылі аб тым, што асаблівасцю балады з’яўляецца наяўнасць сюжэта. Давайце разам паспрабуем вызначыць кампазіцыйныя часткі твора.
І частка – завязка (маці выпраўляе сына на вайну: “На бітву крывавую сына праводзіўшы з хаты…”)
ІІ, ІІІ часткі – развіццё дзеяння (маці робіць усё, каб прараслі зярняты: “Дарэмна ўздыхала…”; размова з дарогай, просьба ўлашчыць камень: “Пачуй мае словы…”)
IV частка – кульмінацыя (маці праклінае камень, які становіцца зямлёй: “Цяпер я крывёю сваёю цябе праклінаю…”)
V частка – развязка (сын вяртаецца дадому: “На камні былым пры дарозе…”)
Або: IV частка – кульмінацыя і развязка, а V – эпілог.
Настаўнік. А цяпер разгледзьце два стылізаваныя малюнкі. На іх вы не ўбачыце ніякіх прадметаў – толькі фарбы 5-ці колераў (па колькасці частак). Які малюнак або спалучэнне фарбаў найбольш блізка перадае сюжэт, сжнс і настрой балады? Звярніце ўвагу на колер і выразнасць фарбаў. Суаднясіце і параўнайце іх з кампазіцыяй твора. Абмяркуйце і прааналізуйце свій выбар.

Малюнак №1
Малюнак №2
Зялёны
Зялёны
Шэры
Карычневы
Жоўты
Шэры
Карычневы
Чорны
Чорны
Жоўты
(Малюнак №2: зялёны – колер надзеі, карычневы – колер непасільнай дарэмнай працы, шэры – колер расчаравання, чорны – колер жалобы, жоўты – колер радасці.)
                       VI.            Работа над тэкстам. Выяўленчае майстэрства паэта.
·         Каб узмацніць выразнасць балады, аўтар ужывае мастацка-выяўленчыя сродкі. Знайдзіце і назавіце іх. (Вучні называюць эпітэты, метафару, параўнанні, гіпербалу, інверсію і заносяць кароткія запісы ў табліцу.)
·         Як вы разумееце наступныя выразы з тэксту: “два леты кіпелі на ім яны, як на патэльні…”, “не раз на ім сеялі, але ні разу не жалі…”, “стаў камень зямлёю, сама ж яна каменем стала…”?
                     VII.            Групавая работа. Супастаўленне балады з творамі жывапісу і крылатымі словамі.
·         Уважліва разгледзьце рэпрадукцыі карцін беларускіх матскаў (змешчаны на дошцы). Якую б вы выбралі з іх у якасці ілюстрацыі да балады? Агрунтуйце свій выбар.
·         Праблемы, узнятыя А.Куляшовым, хвалявалі і хвалююць кожнага чалавека на зямлі, дзе б ён не жыў. Усе гэтыя выказванні вядомых людзей блізкія да нашай размовы. Але усё ж паспрабуйце вырашыць, якое па сваёй ідэі, сутнасці найбольш сугучнае з баладай. Пракаменціруйце свій выбар.
Вайна – гэта перш за ўсё расстанне (Агнія Барто).
Праславім у свеце жанчыну-маці – адзіную сілу, перад якою пакорна схіляецца смерць (Максім Горкі).
Мамы не стала – не стала Радзімы… (Рыгор Барадулін).
Чалавек бессмяротны. Ён бессмяротны таму, што ў яго ёсць душа, якая валодае ўласцівасцю ахвяравання сабой (Уільям Фолькнер).
Шмат у свеце сіл вялікіх, але мацней за сэрца Маці няма ў прыродзе нічога (Сафокл).
Бог не можа клапаціцца аб кожным, таму ён прыдумаў Маці (усходняя мудрасць).
·         Успомніце творы беларускай літаратуры, у якіх паказана бязмежная мацярынская любоў (В.Быкаў “Сваякі”, “Незагойная рана” і інш. Запісы ў табліцу.)
                   VIII.            Індывідуальная творчая работа. Складанне верша-сінквейна. Параўнальны аналіз.
Настаўнік. Спадзяюся, што ў вас склалася пэўнае ўражанне пра галоўную гераіню балады – маці. Прапаную напісаць яшчэ адзін сінквейн. Тэма яго “Маці”. (Вучні складаюць сінквейны.)
·         Параўнайце сінквейн “Вайна” з сінквейнам “Маці”. Што вы заўважылі? Ці можна сказаць, што яны антанімічныя?
                       IX.            Групавая творчая работа. “Сустрэча” з героямі балады.
Заданне для першай групы. Уявіце, што вы сустрэліся з маці. Звярніцеся да яе, супакойце, аблегчыце пакуты чакання.
Заданне для другой групы. Уявіце, што вы сустрэліся з сынам, які вярнуўся з фронту. Раскажыце пра тое, як пакутліва яго чакала маці.
                         X.            Метад анкеты “5 з 25”.
Кожны вучань атрымлівае анкету “5 з 25”.
Анкета “5 з 25”
Якасці (рысы) чалавечага характару
Выберыце з прапанаваных 25 чалавечых якасцей толькі 5, якія найбольш ярка характарызуюць гераіню балады А.Куляшова.
Адкрытасць, баязлівасць, дабрыня, жартаўлівасць, жорсткасць, зайздрасць, зласлівасць, кемлівасць, ласкавасць, мужнасць, настойлівасць, нахабства, неўтаймаванасць, пакорлівасць, панурасць, працавітасць, самаахвярнасць, смеласць, справядлівасць, суровасць, таварыскасць, таленавітасць, упартасць, хітрасць, шчырасць.
Вучні робяць запісы ў сшыткі (індывідуальна), затым шляхам калектыўнага выбару вызначаюцца толькі 5 рыс характару, якія набралі найбольшую колькасць галасоў.
                       XI.            Балада А.Куляшова ў музыцы.
Настаўнік. Наш урок заканчваецца. Калі мы не ўсё здолелі адчуць і зразумець, хай нам у гэтым дапаможа песня на словы А.Куляшова, музыку да якой напісаў выдатны кампазітар І.Лучанок, а выконвае яе ансамбль “Песняры”.
                     XII.            Рэфлексія.
Настаўнік. Адным з вобразаў-сімвалаў балады з’яўляецца камень. У аўтара ён агідны, шчарбаты, чужы. Аднак камяні чалавеку ў жыцці бываюць вельмі патрэбныя.
Раскажу вам невялікую прытчу.
Нясуць тры чалавекі за плячыма ў мяхах каменне.
-          Чым вы займаецеся? – спыталі ў іх.
-          Цягну гэтыя праклятыя камяні, - злосна адказаў першы.
-          Зарабляю сабе на хлеб, - стомлена прамовіў другі.
-          А я будую храм, - радасна паведаміў трэці.
Пачуцці якога з гэтых трох чалавек адпавядаюць вашаму стану пасля сённяшнягя ўрока? Чым для вас быў урока? Працай, якая пакінула толькі стому? Вы працавалі толькі дзеля адзнакі і пахвалы? А можа, вы будавалі храм? Зрабіце кожны свій выбар. (Вучні змяшчаюць фішкі на малюнку з грудамі камянёў, грашыма і храмам.)
                   XIII.            Выстаўленне адзнак, іх каментар.
                   XIV.            Дыферанцыраваннае рознаўзроўневае дамашняе заданне.
1.       Падрыхтаваць выразнае чытанне балады або ілюстраваць яе.
2.       Даць вусны разгорнуты адказ пра тэму, ідэю і мастацкія асаблівасці твора.
3.       “Я памятаю вайну такой…" (інтэрв’ю з вясковай жанчынай – сведкай ваенных падзей).
4.       У вершаванай форме запісаць думкі і пачуцці сына, які вярнуўся з вайны, пачынаючы словамі:
Вярнуўся я, мама, жывы і здаровы да хаты,
З табой не сустрэўся. Ляжыць толькі камень пракляты…
--------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------------
Тэма: В.Быкаў”Жураўліны крык.Праблема маральнага выбару на  вайне.
Мэта: - падагульніць веды па аповесці В.Быкава “Жураўліны крык”, пака-
                 заць яе антываенную накіраванасць;
-         абудзіць цікавасць да літаратуры шляхам прэзентацыі сваіх
праектаў ;
-         выхоўваць любоў да роднай зямлі, павагу да яе гераічнага мінулага.
Абсталяванне: магнітафон, аўдыёзапіс песні “Жураўлі” (муз. Д.Фрэнкеля, сл. Р.Гамазатава).
Эпіграф: 1. Расказваю пра вайну таму, што ненавіджу яе. (В.Быкаў)
                       2. Не дзесьці далёка раскаты вайны,
                           А тут яны, побач – у душах людскіх…
                                                                         Я.Гучок
                                  Ход урока
I. Арганізацыйны момант
      (Гучыць песня “Жураўлі”)
  - Некалькі   ўрокаў запар мы з вамі былі наперадзе, разам з шасцю байцамі, разам стылі ад восеньскага ветру, моклі пад дажджом, капалі акопы, успаміналі мінулае. Былі мы і сведкамі гібелі ўсіх шасцярых… Такая  ўжо ўласцівасць сапраўднай літаратуры – заставіць чалавека суперажываць. Сёння мы таксама будзем гаварыць пра аповесць “Жураўліны крык”, пра вайну.
II. Праверка дамашняга задання
 1. Гутарка з класам.
 - Як гаварыў В.Быкаў пра вайну?
 - Чаму ўрок пачаўся іменна гэтай песняй?
 - Многія мастакі слова выкарыстоўвалі вобраз жураўлёў, асабліва жураўліны крык – трывожны, тужлівы.
 - Пра што гэты твор?
2. Прэзентацыя творчых праектаў.
    Вобразы.
Вучням было дадзена заданне ўвасобіцца ў вобраз героя, уявіць, пафантазіраваць, што сталася б з героем, калі б ён застаўся жывы. Яны павінны былі дадумаць вобраз і выступіць ад імя героя (Пшанічны, Алік Аўсееў, Глечык).
    Першая спроба навуковага даследавання.
Вучань прадстаўляе даследаванне “Роля пейзажных замалёвак у раскрыцці характараў герояў, тэмы і ідэі твора”.
 Ілюстрацыі да твора.
Паэтычнае ўспрыманне твора.
 -   У шасці строфах – уся аповесць. Слова вучаніцы, якая чытае верш:
Вайна, шлагбаум,
Шасцёра і дарога,
У халоднай шэрай ростані трывога,
Адзін загад і пераезд адзін…
Стрымаем суткі, немцам не здадзім!

Страх, холад,
Перамога над сабой,
І вось ён – іх апошні смертны бой.
У тым баі застаўся ён адзін,
Сваёй радзімай маці любы сын.

Праходзіў час.
Няспешна ладзіў зброю
І мутна рыхтаваўся ён да бою.
Ён, перажыўшы страх і асцярогу,
Чакаў і ўглядаўся ў дарогу.

У той жа момант
Жураўліны крык
У душу яго збалелую пранік
І думкі аб маленстве скалыхнуў,
Салдата сэрца болем ён крануў.

Жураўлік той падбіты-
Гэта ж ён.
З пяшчотай успаміны, нібы сон,
У 18 год жыццё яго прайшло,
З гранатаю на смерць, у небыццё…

Крык жураўліны-
Сэрца крык апошні,
Не прыйдзецца прайсці па роднай пожні,
Насустрач маці… Родны край, бывай,
Не забывай жа нас, не забывай!..

-         Што ў гэтым вершы вас уразіла больш за ўсё?
Тэма верша – страшны эпізод вайны. Смерць салдат. Мы бачым, што вайна – гэта смерць, разбурэнне, скалечаныя лёсы. У Беларусі загінуў кожны чацвёрты. Вайна прайшла і па лёсе дзяўчат-сувязістках, якія загінулі на нашай зямлі. Іх было чацвёра. Адна , Шура Чарных, засталася жывая.
 Экскурсія ў музей.
Расказваюць вучні.
Першы вучань.
  Таццяна Сцяпанаўна Панамарова, начальнік паста, дзе неслі службу дзяўчаты-сувязісткі. Баявы шлях пачала са Сталінграда. Яна берагла і любіла сваіх дзяўчат. Калі хто-небудзь захварэе, то бярэ аўтамат і на пост. 22 студзеня 1945 года на пост напалі бандыты. Таня памерла цераз два дні пасля разгрому ад ранаў у шпіталі.
Другі вучань.
Аляксандра Міхайлаўна Чарных добраахвотніцай уступіла ў армію ў красавіку 1942 года. У маі прыняла прысягу, прайшла курсы сувязістак. У сярэдзіне студзеня 1945 года была напраўлена на службу на пост ля вёскі Подзі, дзе 22 студзеня ў пачатку боя атрымала раненне. Была  кантужана, што і выратавала яе ад смерці. Адзіная дзяўчына засталася жывой. Доўгі час ляжала ў шпіталі. Лячылася… і зноў у бой.
Трэці вучань.
Кацярына Фядотаўна Дз’ячкіна з пачатку вайны прасілася на фронт. Паколькі сям’я была мнагадзетнай (8 дзяцей) яе некаторы час не бралі на вайну. Але ўсё ж Каця дабілася свайго . Яна была залічана ў 10 батальён. У сваім апошнім лісце дадому яна пісала: “Мамочка, так хочется дожить до победы, а осталось уже немного”.  Не прадчувала дзявочая душа бяды. Зіма 1945 года сустрэла Кацю ў Беларусі. Студзеньскім днём яе не стала.
Чацвёрты вучань.
Аляксандра Васільеўна Цярохіна марыла аб шчаслівай будучыні. Скончыла школу. Адбыўся выпускны баль… і пачулі страшную вестку -“Вайна”. У красавіку 1942 года пайшла на фронт. Лёс закінуў на Пагародзенскую зямлю, дзе і загінула.
Пяты вучань.
  Валянціна Барысаўна Паліканава зведала гора ў маленстве. Сям’я бедняка, рана памерла маці. Выхоўваў бацька і мачаха. Бацька быў добрым чалавекам, а мачаха мела вельмі дрэнны характар. Цяжкае жыццё, але Валя стала настаўніцай. Хацелася жыць, працаваць, гадаваць дзетак, але памяшала вайна. У маі 1942 года дабраахвотна пайшла на фронт.  У 1944 годзе апынулася ў Беларусі. 1945 год – Валі не стала. Бандыцкая куля адабрала жыццё ў маладой жанчыны.
    Настаўнік.
-         Мінаюць  гады, усё меней застаецца відавочцаў самай страшнай вайны. Вы адчулі, як нялёгка гаварыць аб тых людзях, якія прынеслі выратаванне нашай роднай зямлі. Кажуць, новая вайна будзе, калі народзіцца пакаленне, якое забудзе, не будзе ведаць, што такое вайна, таму сёння мы зноў гаворым пра вайну. Але гэта не проста ўрок – гэта наша маленькая часцінка памяці. Яго мы прысвячаем памяці В.Быкава, памяці вашых дзедаў, прадзедаў, усіх тых, хто бачыў вайну, ваяваў, перажыў яе.
IV. Рэфлексія.
-         Раз у нас урок-роздум, напішыце, аб чым думалася. Як вы ставіцеся да вайны? Перамогі?
(Гучыць музыка.)
-         Тых, хто ўцалеў у вогненнай віхуры вайны, з кожным днём усё меней і меней. І ад гэтага не па сабе. Чым меней застаецца сведкаў, тым мацней чутны галасы тых, хто зноў хоча раздзяліць людзей на звышчалавекаў і неграмадзян. Па вуліцах Рыгі маршыруюць бравыя ветэраны Латышскага легіёна СС. Яны акружаны гонарам і павагай, яны героі. А тых, хто казніў паліцаяў і карнікаў, сёння аддаюць пад суд.
V. Дамашняе заданне.
Напісаць сачыненне-інтэрв’ю на тэму: “Чаму некаторыя людзі лічаць, што перамога ў вайне нам была не патрэбна?”. ( Узяць інтэрв’ю ў сваіх блізкіх, сяброў, суседзяў).


Комментариев нет:

Отправить комментарий